БАСОВІШЧА 2005


Галоўныя героі:
tarka, @ptymist, baj, mara, studentka, volha

З Басовішчам нешта ў мяне не ладзілася. З 2000 году “побач” з фэстывалем, але кожны год нешта здаралася і я туды не трапляла, ніколі. Але пасьля Басовішча’2005 я зразумела, што неверагодна арганічна ўпісваюся ў тамтэйшы пэйзаж. Колькі разоў там за куфлікам піва, хто-небудзь казаў: “а памятаеш, Воля, Басы’2002? Ды ня можа быць, што цябе там ня было! Я ж цябе памятаю! А ў 2003 ты была, я ведаю!” Ці нешта такога сэнсу. Але менавіта так і ўяўляла Басовішча, па фотаздымках, па расповедах. І гэтым разам я дакладна ведала – Басовішча’2005 пройдзе з маім удзелам! ;) Я нават пасьпела запасьціся шматразовай візай, каб ужо дакладна трапіць. Але перакананая, што ў любой справе галоўнае – кампанія! А з кампаніяй можна пайсьці на любыя авантуры.


Аўтастопам да БАСОВІШЧА

З БАСаўцамі мы ўжо пасьпелі добра пазнаёміцца ў часе іх веснавых візытаў да нас. І яны (дзякуй hruzin’у) запрасілі нас пад’ехаць раней, каб крыху дапамагчы ў арганізацыі фэсту ды добра правесьці час. Менавіта таму на Басовішча, якое адбывалася 22-23 ліпеня, мы вырашылі ехаць 20 ліпеня. Але ў гэтай задумцы было два праблемных моманты:

- візы ў нашых людзей толькі з 21 ліпеня

- як даехаць да Басовішча хутка і танна, бо НІХТО з нас там раней ня быў

Рашэньне праблемаў было самым авантурным, але ў нашай цёплай кампаніі яно падавалася цалкам рэальным і простым. Ехаць АЎТАСТОПАМ! А там калі што разаб’ем намёт перад мяжой і рушым далей ужо ўноч з 20-га на 21-е ліпеня, але ўсё было нашмат прасьцей (аб падрабязным маршруце – ніжэй). Я ніколі ня езьдзіла аўтастопам, тым больш такой вялікай кампаніяй і ў такую адказную вандроўку. Але ж я спакусілася.

Яшчэ ў 15:00 у сераду мы сядзелі ў кватэры і разглядалі мапу ды вырашалі як паедзем – праз Горадню ці праз Ваўкавыск. Геаграфічна лягічней было ехаць праз Ваўкавыск – бліжэй. Ну а раз лягічней, значыць едзем праз Ваўкавыск!

Даяжджаем да Малінаўкі, а адтуль на шашу M1. Сьвішчуць машыны. І мы гатовыя ў бой!

Зь Менску нас ехала пяцёра, бо volha мусіла далучыцца да нас ужо ў Ваўкавыску позьнім вечарам. Разьбіваемся на пары: tarka i @ptymist, mara i studentka, а baj едзе сам.

І вось мы ўжо расьцягнуліся па дарозе.

Маршрут у нас наступны:

Менск-Баранавічы-Слонім-Зэльва-Ваўкавыск-Бераставіца-Гарадок (Grоdek).

Пачынаем. 16:35 – і мы стаім на трасе. Дзяўчат падхапілі адразу – чорны фольксваген праехаў міма нас, але спыніўся ля дзяўчат. Не пасьпела я адвярнуць галаву (але руку трымала паднятай!), як каля нас спынілася шыкоўная машынка, а ў ёй малады хлопец. І ў 16:45 мы рванулі да Баранавічаў. І вось ў гэты момант я зразумела, што аўтастоп – гэта МАЁ! Едзеш, размаўляеш зь людзьмі, камфортна, хутка, экстрэмальна, непрадказальна!.. Наш першы кіроўца ў мінулым – аўтастопнік! Сам езьдзіў на розныя музычныя фэстывалі, таму шчыра радаваўся за нас. Калі ён даведаўся, што дзяўчаты выехалі за нас літаральна на 7 хвілінаў раней, то націснуў на газ (мабыць прачнуўся чыста спартовы інтарэс), і ўжо праз колькі часу мы імкліва пранесьліся міма чорнага фольксвагену.

Сяржук пазьней спыніў нейкі Камаз. І цяпер парада ад baja: ніколі не спыняйце Камазы! Яны едуць вельмі павольна! Таму ён праехаў недзе з паўгадзіны і вылез, каб спыніць што-небудзь хутчэйшае.

А мы ўжо ў 18:00 былі на павароце з М1 на трасу Р99 (З Алімпійкі ў бок Слоніма). Наш кіроўца нават вылез з намі, папаліў, пазайздросьціў нам, а мы рушылі стопіць што-небудзь да Слоніма, а лепш за ўсё адразу да Ваўкавыска. Але рух там сапраўды слабаваты (што-небудзь праяжджае раз у хвіліну, у дзьве). Мы дачакаліся дзяўчат. І гэта сапраўды добра, што мы прыехалі на гэтае скрыжаваньне раней, а то дзьве прыгожыя дзяўчыны на трасе выглядаюць надта заманліва. А так хоць мы маглі іх неяк страхаваць, хоць здалёк. Мы нават выпрацавалі сыстэму: як толькі яны сядаюць, дасылаюць нам смс’кай нумар машыны на ўсялякі выпадак. І ўвогуле добра ўвесь час ператэлефаноўвацца, распавядаць, хто якія гарады праяжджае, што бачыць....

У 18:30 міма нас пранеслася машына, але спынілася пазьней на мэтраў 70 – ля дзяўчат. Але праз хвілінку ля нас спынілася аўто з старым рабацягам за рулём. І мы накіраваліся да Слоніма. Сталы мужчына нечым нагадаў мне майго бацьку – такі ж асьцярожны разважлівы кіроўца, з тварам у глыбокіх маршчынах-разорах, зь вялікімі задуменнымі вачыма. Ён амаль нічога ў нас не распытваў і ў 19:00 давёз да самага Слоніму. А адтуль нам трэба было выехаць у канец горада, каб выйсьці на трасу, зноўку Р99. Прагуляўшыся па горадзе, мы зразумелі, што навучаныя Менскам і адлегласьці ўспрымаем зусім па-іншаму, чым людзі ў маленькіх гарадох. Нейкі дзядуля параіў нам выйсьці на прыпынак аўтобуса, праехаць у канец горада, адтуль ісьці на гару і г.д... Насамрэч, мы пешкі прайшлі ўвесь горад за 20 хвілінаў і выйшлі на трасу.

Воля стопіць

У 20:00 Стоячы ля дарогі, мы разважалі пра матывацыі кіроўцаў браць аўтастопнікаў і пра тое, што пары (муж з жонкай) ня хочуць спыняцца... Але гэтая нашая думка перарвалася якраз тым, што на Юркаву паднятую руку спынілася якраз такі машына з мужам і жонкаю. Кіроўца адразу вылез і закінуў нашыя заплечнікі да сябе ў багажнік. А ў машыне сядзеў яшчэ адзін хлопец – таксама ехаў стопам. У салёне мы слухалі расейскі шансон. Нешта кшталту: “Этой весной хозяін седой пусьціл меня домой, пусьць даже он інооой...” У 20:25 кіроўца высадзіў нас ля аўтастанцыі ў Зэльве. А мы пайшлі далей па трасе, каб выйсьці за межы гарадка.

І ў 20:50 мы ўжо радаваліся таму, што едзем у Ваўкавыск, дзе ўжо нас чакалі дзяўчаты mara i studentka. І так, 21:00 – і мы ўжо ў Ваўкавыску – бяжым на вакзалю да дзяўчат, якія ўжо раскінулі рукі для абдыманак, а ўсьмешкі да самых вушэй – радуюцца такому хуткаму даезду да Ваўкавыска. Як бачыце, 4 гадзіны ад Менску да Ваўкавыска! Неверагодна!

Далей нас трымала толькі тое, што трэба было крышку пачакаць baja, а потым дачакацца volhu, а яна павінна была пад'ехаць толькі а першай гадзіне ночы. А так бы мы паехалі далей да Бераставіцы (бо заставалася ўсяго каля 60 км да мяжы!) і ўночы ўжо 21-га пераехалі б мяжу. А так мы засталіся ў Ваўкавыску папіць піва, дачакацца сяброўку і рушыць на Бераставіцу.
Адразу раю: ня піце піва надвячоркам ля ваўкавыскай вакзалі – лепш ідзіце ўнутр. Да нас дакалупаліся мясцовыя крымінальнікі, адзін зь якіх толькі выйшаў з адсідкі за разбойны напад. Прыйшлося рабіць выгляд, што мы такія ж як і яны – і брат у мяне сядзеў, і «вабшчэ за намі зараз машына з корэшамі пад'едзе, так што чувакі шкада, але ўжо паедзем»… Але мы малайцы. Удалося разьвітацца зь імі можна сказаць «палюбоўна», падарылі ім налепачкі… У такіх выпадках галоўнае – не пужацца, а то яны адчуваюць сваю перавагу.

У маленькім Ваўкавыску дзьве вакзалі, так што як будзеце ехаць па нашых сьлядох, то ня блытайце іх. У 23:33 з станцыі «Ваўкавыск горад» дызелем мы праехалі адзін прыпынак да «Ваўкавыск Цэнтральны». А адтуль раніцою ідзе двухвагонны дызэль да Бераставіцы, а адтуль 5 км да мяжы.

Так што мы яшчэ пасьпелі крыху паспаць на нязручных крэслах вакзалі ў Ваўкавыску, а адтуль ужо поўнай кампаніяй ушасьцёх у 4:25 паехалі да Бераставіцы. Квіток на дызэль каштуе 1200 бел. рублёў.

І ў 5:20 прахалоднай раніцай мы апынуліся ля маленькай закінутай вакзалі ў Бераставіцы. Нейкі мясцовы мужык папярэдзіў нас, каб не трапляліся на вочы памежнікам і параіў ісьці пешшу да мяжы, бо тут, маўляў, ніхто не спыняецца. І ён амаль меў рацыю. Ужо каля п. Пагранічнага baja падхапіў нейкі дальнабойшчык на фуры, а volhu i studentku нейкія мясцовыя таксама падвезьлі да мяжы. Мы ж ўтрох пратопалі ўсе 5 км пешшу і былі вельмі радыя. Раніца, сонца ўзыходзіць, сьпяваюць птушкі, сьвежае паветра!..

6:00 і мы на мяжы Беларусь-Польшча . Памянялі грошаў на ўсялякі выпадак, заплацілі экалягічны збор. Ён складае 6000 бел. рублёў. І рушылі на “падсадку”, як гэта называецца. Нават у талёнчыку экалягічнага збору пазначаецца “падсадка”. Пашчасьціла імгненна! Тры нашыя дзяўчыны селі ў машыну да нейкай жанчынкі, а мы адразу ж у наступную за імі да маладога хлопца. Жыцьцё – казка!

Нашаму кіроўцу 26 год – “кантрабандыст”, займаецца валютай, мае адукацыю тэхніка-тэхноляга, але ўладкавацца нікуды не магчыма. Не было й хвілінкі, мабыць, каб мы зь ім не размаўлялі пра грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне. Хутчэй мы слухалі яго, чым ён нас. Ён распавядаў свае праблемы, свае думкі на тое, як жыць далей. Даў нам параду: прымаць любую дапамогу ад бацькоў, бо выжыць самому ў Беларусі немагчыма, нават маючы супэр-адукацыю.

Мы так стусаваліся з гэтым кіроўцам, што пры ўезьдзе ў Польшчу ён вырашыў давезьці нас да самога Гарадка, хоць сам там ніколі ня быў (там дзесьці 20 км ад мяжы)! А там ужо разьведаў спачатку ў мянтоў, потым у мясцовых, як даехаць да школы ў Гарадку.

І вось 8:30 па мясцовым часе, і мы ў Гарадку ў чаканьні Басаўцаў і БАСОВІШЧА!!!


БАСОВІШЧА’2005

Засяліліся мы ў школу, дзе звычайна ў час Басовішча жывуць маладыя гурты і арганізатары фэсту. Маладым гуртом нас назваць цяжка, а вось дапамагчы ў арганізацыі Басовішча нашым сябрам – з найвялікшым задавальненьнем. Атрымалі крутыя бэджыкі “BASUJEMY” і прыступілі да адпачынку і да працы. Baj стаяў на ўваходзе ў намётавы гарадок – ставіў пячаткі і прапускаў тых, хто аплаціў сваё пражываньне ў ахоўваемым гарадку (каштуе 10 злотых). Дзяўчаты па чарзе гандлявалі маечкамі, байкамі, дыскамі і іншымі рарытэтнымі рэчамі. А мы з @ptymistam падмянялі аднаго з Басаўцаў на відэакамэры. Але ён да нашага шчасьця апынуўся незамяняльным ;).

22 ліпеня. Першы дзень фэстывалю адзначыўся дажджом. Цякло адусюль. Граць было немагчыма, бо з даху над сцэнай, у самым цэнтры ўтварылася дзірка, адкуль няспынна цякла вада. Людзі ў намётах усе вымаклі, хадзілі босыя.

Але да 16:00, калі мусіў пачацца фэстываль, усё больш-менш наладзілася. Распачаўся канцэрт выступам “Ліцэю”. Таксама ў першы дзень выступалі пераможца мінулага Басовішча “Тарпач” (шкада, што на выступе Тарпача ў нас не атрымалася быць ля сцэны, вельмі шкада!), польскі гурт Sjel (вельмі эфэктна сьпявала ў іх вакалістка!), беларускія B.N і Сьцяна, Partyzone, вэтэраны польскага панку KSU і іншыя. На Partyzone ісьці не хацелася, таму мы засталіся пад навесам піць дарагое малахмяльное польскае піва. Але хапала файных гуртоў, каб мы адарваліся і мокрыя ды стомленыя на сьвітанку папляліся ў школу, каб зраніцы ледзь адарваць галовы ад спальнікаў – так балелі цягліцы. Але таньчыць пад добрую музыку хай і з пэрспэктывай болю ў цягліцах – гэта прыемная праца! ;)

Польскі гурт SJEL

23 ліпеня . Конкурсная праграма і самае цікавае на Басовішчы – выступы любімых вядомых беларускіх гуртоў.

Як я заўважыла па людзях на Басовішчы, стаўленьне да музыкі шмат у чым залежыць ад стаўленьня да саміх музыкаў, ад іх паводзінаў, ад мовы. Таму вялікае расчараваньне ад выступаў маладых гуртоў-канкурсантаў. Ніякай беларускамоўнасьці, толькі песьні перакладзеныя на беларускую мову, але не заўжды правільна. І агульны ўзровень канкурсантаў вельмі слабы. Але ў Беларусі хапае нармалёвых беларускамоўных гуртоў, якія б маглі даць новы штуршок разьвіцьцю Басовішча.

Наагул сярод канкурсантаў былі Mauzer Papanina, Tav. Mauzer, Парасон, 5 set 5, Зьмяя, Imprudence, Тэзаўрус, Рэха. На выступах большасьці гуртоў пад сцэнаю адрывалася да пяці слухачоў. Выступ апошняга гурту “Recha” завёў слухачоў – людзі пацягнуліся пад сцэну. На фоне ўсіх іншых гуртоў Recha выступіла цікавей, арыгінальней і запамінальней. Але сярод слухачоў хадзілі чуткі, што іх не прапусьцяць, бо Вячаслаў Корань яшчэ ў Беларусі казаў, што гэты гурт не павінен атрымаць прыз.

Сапраўдным сюрпрызам на Басовішчы быў выступ гасьцей фэстывалю – італійцаў Orchestra di Ritmi Moderni Arturo Piazza. Вясёлая музыка з трубамі хоць і не мае дачыненьня да року, але ўжывую гучала вельмі эфэктна – людзі таньчылі нават на лавачках. Было сапраўднае шоў! Вакаліст у фраку між сьпевамі крычаў: “Італія! Капучына! Піца!”.

Беларускія дзяўчаты

Калі на сцэну выйшла “КРАМА”, слухачы пабеглі займаць месцы, каб таньчыць пад сцэнаю. Вось гэта быў выступ!!! З такім гукам, з такім запалам, з прэзэнтацыяй новай песьні! Варашкевіч нават паслаў паветраны пацалунак гукарэжысэру за добра наладжаны гук.

Пасьля такога выступу нечакана было пачуць вынікі разгляду сябрамі журы выступаў маладых гуртоў. Галоўны прыз атрымалі магілёўцы “Тav. Mauzer”. Для іх, як было бачна, гэта таксама было нечаканкаю. Многія чакалі, што пераможа Recha як гурт з самым цікавым выступам. Прыз ад БАСу (Беларускае аб’яднаньне студэнтаў) атрымаў гурт “Imprudence”. Як пракамэнтавала Старшыня БАС Ілона Карпюк: “Imprudence – адзіны мэталёвы гурт на Басовішчы’2005”. Таксама сярод пераможцаў гурт "Зьмяя". І яшчэ адзін прыз ад гміны Гарадка атрымаў гурт “5 set 5”.

А мы пайшлі піць піва, пакуль выступаў “Жыгімонт Ваза”. Прапусьцілі таксама “УЛІС”, які наладжваўся больш за паўгадзіны і потым яшчэ вельмі доўга граў. Дарэчы піва там каштуе даляр, і гэта асноўнае, на што мы трацілі грошы. І ня думайце, што можна выпіць пяць куфляў піва, і табе ўжо стане дабра. Гэта польскае піва! А там і пятнаццаць куфляў за вечар вып’еш.

Вельмі цікава выступілі “IQ-48” – завялі натоўп. Быў сьпеў з Памідоравым, з Вольскім.

IQ48

Нэйра Дзюбель” гралі беларускамоўную праграму. Але адрывацца пад сцэнаю было складана, бо падвыпіўшыя хлопцы, што стаялі пад сцэнаю, пачалі піхацца і кідаць усіх пад ногі.

N.R.M” – гэта кульмінацыя Басовішча. Ужо пачаўся сьвітанак, а ўсе чакалі менавіта іх. Вельмі хутка наладзіліся. І пачаўся неверагодны канцэрт, якога ў Беларусі зараз, на жаль, не зладзіш. Лявон Вольскі абяцаў выканаць 22 песьні разам з прэзэнтацыяй новых! Але галоўнае расчараваньне Басовішча’2005 - N.R.M выканаў толькі недзе 5 песень. Памідораў, які вёў фэстываль, выйшаў, выбачыўся і адзначыў, што канцэрт мусім завершыць, бо выйшаў час, і калі працягваць, то адключаць электрычнасьць. Для ўсіх, у тым ліку для музыкаў з N.R.M гэта быў шок. Усе разыходзіліся расчараваныя. Многія злосна ўзгадвалі “УЛІС”, які наладжваўся шмат часу і наагул вельмі доўга граў, а шмат хто прыехаў менавіта на N.R.M. Некаторыя нават плакалі ад крыўды. Многія сварылі між сабою Памідорава, што як вядучы не разьлічыў час, каб выступілі ўсе, але раўназначна. А таксама ня ўлічыў значнасьць выступу N.R.M на Басовішчы і не скараціў выступ “УЛІС”. У выніку слухачы акупавалі музыкаў з N.R.M ужо за сцэнаю, дзе бралі аўтографы, фатаграфаваліся і скардзіліся, што нават у Польшчы ня могуць паслухаць улюбёны гурт.

Намёты імкліва складаліся і ўжо да раніцы большасьць людзей зьехала. Як кажуць БАСаўцы: так заўсёды - на раніцу застаецца толькі сьмецьце!

Паглядзеўшы на арганізацыю фэстывалю знутры, разумееш, наколькі складана і адказна арганізаваць такі фэст. Трэба дамовіцца зь міністэрствамі, знайсьці фінансавую падтрымку, арганізаваць прафэсійную ахову, яшчэ чалавек 20 валянтэраў зматываваць дзяжурыць у намётавым гарадку, гандляваць прадукцыяй, рэгістраваць гурты, забясьпечыць гурты і арганізатараў ежай, забясьпечыць наяўнасьць лекара на фэсьце.... Ня ўсю гэтую падрыхтоўчую працу бачна адразу.

Ня гледзячы на конкурсную праграму, на скарочаны выступ N.R.M, БАСОВІШЧА’2005 удалося! І хто ня быў зараз, прыяжджайце ў наступным годзе! Такіх шчыльных камунікацыяў з далёкімі сябрамі, з новымі знаёмымі, з гуртамі, проста мінакамі, не бывае нідзе – толькі на Басовішчы!


Аўтастопам з БАСОВІШЧА

На разьвітаньне завітваем у гістарычнае месца ў Гарадку – Killer Bar. Паелі на дарожку. Неверагодна бязьлюдна тут пасьля Басоў. Але туды ж завітвае Зьміцер Вайцюшкевіч зь вялікім заплечнікам. Узаемнае зьдзіўленьне, што куды ні сунься, паўсюль мы і Вайцюшкевіч (папярэднія дні нам неяк выпадала разам піва папіць). Хацелі схапіць яго з намі ехаць стопам, бо ён таксама ня ведаў, як зьяжджаць. Але ён зьбіраўся яшчэ ехаць на Беласток. Ну дык да сустрэчы! ;)

Са скрыжаваньня, дзе стаіць бар, збочваем улева і пешшу 2 км да шашы, што вядзе на мяжу. Наш добры настрой псуе толькі тое, што зьбіраецца канкрэтны дождж. Але мы ўзялі вялікі кавалак кляёнкі, каб схавацца. Зноўку расьцягнуліся парамі па шашы, хаваемся ад дажджу і спрабуем шчасьця!

У 15:10 па польскім часе baja i volhu падхоплівае старэнькая капейка, якую спыняем і мы. Прыпыніўшыся каля дзяўчат, пакідаем ім кляёнку і зычым посьпеху. Праз хвілінаў 8 іх таксама падбіраюць. Абедзьве нашыя машыны едуць да Ваўкавыска! Праяжджаем мяжу, знаёмую маленькую вакзалю ў Бераставіцы... І ў 18:20 ужо па беларускім часе мы ў Ваўкавыску! Кіроўца вывез нас ажно на трасу за Ваўкавыскам, а volhu адвёз на вакзалю, бо яна ехала да Ліды.

У 18:50 ля нас спыняецца машына – ідзе да Зэльвы. Мы хуценька перапытваем, ці ня возьме кіроўца яшчэ двух чалавек і пад’яжджаем, каб захапіць яшчэ і дзяўчат. На трасе застаецца толькі baj... Каб было месца, наш кіроўца забраў бы й яго.... У 19:05 мы ўжо ў Зэльве.

У Зэльве мы на хаду перакусваем салам і спрабуем стопіць. Каля самага возера стаяць не хацелі, таму мы вырашылі прайсьці яго, а там ужо спакойна стопіць. Але ўдача ў гэты дзень прычапілася да нашых пятак! Каля самага мосту каля нас спыніўся вайсковец, які ехаў... да Баранавічаў! (і ніякіх перасадак у Слоніме!) У 19:30 мы заскокваем у машыну і па старой схеме падхопліваем яшчэ і дзяўчат і едзем да Баранавічаў. Любата! Амаль усю дарогу атрымліваецца, што ехалі разам учатырох!

У 20:30 мы ўжо стаім на М1, каб ехаць на Менск , але разьвітваемся зь дзяўчатамі, бо mara i studentka вырашылі ночыць у Баранавічах – у m ary дома.

У 20:45 ля нас спыняецца мікрааўтобус – мы нават руку не паднімалі! Вось добрыя людзі трапляюцца часам! За дзьве гадзіны мы даехалі да Менску. І за 6 гадзінаў агулам мы даехалі з Басовішча да Менску!
Схапілі беларускага піва і яшчэ раз падкрэсьлілі: АЎТАСТОП – гэта выдатна, гэта неверагодна, гэта бясплатна, гэта зацягвае! А тым больш, калі едзеш на такі фэст як Басовішча! Вандроўка атрымалася найлепшая! А мы гатовыя да новых уражаньняў, прыгодаў ды авантураў!

Некалькі парадаў для тых, хто едзе аўтастопам :

  1. Мапа – гэта квіток любога аўтастопніка. Лепш адзін раз патраціцца і набыць нармалёвую падрабязную мапу аўтамабільных дарог.
  2. Заплечнік (спальнік, дыванок і інш.). Калі едзеш далёка, каб было як спыніцца дзе-нідзе і пераночыць. Вандроўнікаў з заплечнікамі падбіраюць нашмат ахвотней, чым халяўшчыкаў з пакецікамі. Яшчэ моцна любяць студэнтаў і хочуць ім дапамагчы.
  3. Дажджавік . Ісьці па дарозе пад дажджом ня надта прыемная рэч. Ды й у машыну на месцы кіроўцы браць мокрага вандроўніка неяк ня надта. А дажджавічок заўсёды можна скласьці.
  4. Лекі . Думаю, вам ня трэба тлумачыць, навошта ў вандроўку браць актываваны вугаль. Яшчэ можна ўзяць Ношпу, крэм ад камароў, ад тэмпэратуры што-нішто.
  5. Ежа і вада, ножык, ліхтарык, грошы (для ўпэўненасьці :) ) . Таксама мець мабільны тэлефон з уключанымі званкамі – рэч добрая і ніколі не зашкодзіць.
  6. Напарнік ці напарніца . Калі едзе хлопец зь дзяўчынаю – у іх нашмат болей шанцаў пад’ехаць, чым калі б былі па адным. Ды й весялей! Я цяпер яшчэ больш радая, што ў мяне ёсьць @ptymist! ;).

Воля Кузьміч (tarka)



Раздрукаваць
 
In 0.0504 seconds.