ЭГУ прымае на новую магістэрскую праграму

Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт у Вільнюсе аб'яўляе прыём у новую магістэрскую праграму "Ахова і інтэрпрэтацыя культурнай спадчыны" з прысваеньнем ступені магістра гісторыі.

Магістэрская праграма "Ахова і інтэрпрэтацыя культурнай спадчыны" арыентаваная на падрыхтоўку магістраў у сфэры аховы і інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны для рашэньня навукова-дасьледчых (НДІ), навукова-пэдагагічных (ВНУ), экспэртна-аналітычных (аналітычныя цэнтры, грамадзкія і дзяржаўныя арганізацыі), кіраўнічых (дзяржаўныя органы), практычных (музэі, музэі-запаведнікі, нацыянальныя паркі) задач па рэфармаваньні наяўнай сыстэмы аховы і інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны ў Беларусі.

Выкладчыкамі праграмы зьяўляюцца прызнаныя спэцыялісты зь Беларусі, Літвы, іншых краін Усходняй Эўропы, якія неаднаразова праходзілі навуковыя стажыроўкі ва унівэрсытэтах Заходняй Эўропы і ЗША і прапануюць арыгінальныя курсы, заснаваныя на уласных дасьледаваньнях.

Структура праграмы магістэрскай падрыхтоўкі ў вобласьці аховы і інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны уключае два блёка.

Першая частка – прадметы тэарэтычнага напрамку – дазваляе магістранту набыць фундамэнтальныя веды па базавых прадметах праграмы, азнаёміцца з асноўнымі аспэктамі мэтадалёгіі навуковага дасьледаваньня і мэтодыкі выкладаньня ў сфэры спэцыялізацыі праграмы. Да абавязковых курсаў аднесеныя навучальныя дысцыпліны, якія маюць праблемна-тэарэтычны і навукова-мэтадалягічны характар. Блёк прадметаў па выбары прадстаўлены двума напрамкамі: ахова культурнай спадчыны і яе інтэрпрэтацыя, якія дазваляюць улічыць навуковыя інтарэсы магістрантаў. Частка выбарных курсаў выкладаецца на замежных мовах (ангельскай, францускай, нямецкай) прафэсарамі-візыцёрамі і забясьпечвае заглыбленьне магістрантаў у міжкультурныя кантэксты аховы спадчыны.

Другая частка – навуковыя дасьледаваньні – аб'ядноўвае самастойную навукова-дасьледчую і навукова-пэдагагічную дзейнасьць магістрантаў у форме практыкі, сэмінараў і напісаньня магістэрскай працы.

У залежнасьці ад спэцыялізацыі, магістрант выбірае накірунак практыкі:

  • мэнэджэрская практыка зьдзяйсьняецца ў арганізацыях і установах аховы спадчыны і дзяржаўных органах, дзе магістранты замацоўваюць прафэсійныя навыкі;
  • навукова-дасьледчая - ва установах, якія займаюцца вывучэньнем і інтэрпрэтацыяй культурнай спадчыны Беларусі і Літвы;
  • навукова-пэдагагічная практыка магістранта арганізуецца на базе бакаляўрскай праграмы ЭГУ па культурнай спадчыне і турызму. Падчас практык магістрант рыхтуе мэтадычнае забесьпячэньне і праводзіць шэраг заняткаў (сэмінарскіх заняткаў, цьютаратаў) для слухачоў праграмы бакаляўрскай падрыхтоўкі. 

Выніковая ступень: магістар гісторыі.

Тэрмін навучаньня: 2 гады.

Форма навучаньня: дзённая, уключае чатыры дзённыя сэсіі ў навучальным годзе ў Літве працягласьцю, як правіла, два тыдні кожная і міжсэсійныя, у тым ліку і дыстанцыйныя, курсы.

Унівэрсытэт за рахунак сродкаў грантадаўцаў аказвае слухачу адукацыйныя паслугі ў адпаведнасьці з навучальным плянам магістэрскай праграмы, забясьпечвае месцам у інтэрнаце на час сэсіі, пакрывае выдаткі, зьвязаныя з набыцьцём страхавога поліса на пэрыяд знаходжаньня ў Літоўскай Рэспубліцы. Унівэрсытэт таксама аказвае слухачу садзейнічаньне ў атрыманьне візы для ўезду на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі.

Залічэньне ў магістратуру зьдзяйсьняецца на аснове конкурснага адбору.

У конкурсе на паступленьне ў магістэрскую праграму "Ахова і інтэрпрэтацыя культурнай спадчыны" могуць прымаць удзел асобы:

  • якія зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь;
  • якія маюць дыплём аб вышэйшай адукацыі (дыплём бакаляўра/спэцыяліста або роўны да іх дыплём) у абласьцях: гісторыя, музэйная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны, мастацтвазнаўства, культуралёгія, турысцкі мэнэджмэнт, эканоміка, права;
  • якія валодаюць ангельскай мовай у аб'ёме праграмы вышэйшай навучальнай установы;
  • якія прадэманстравалі   схільнасьць да навукова-дасьледчай працы ў пэрыяд навучаньня ў ВНУ і/або падчас прафэсійнай дзейнасьці. 

Асобы, якія ня маюць базавай гістарычнай адукацыі і залічаныя на дадзеную магістэрскую праграму па выніках конкурснага адбору, праходзяць навучаньне па індывідуальным пляне з вывучэньнем і іспытам экстэрнам на працягу першага года навучаньня асобных курсаў бакаляўрскіх праграм ЭГУ "Беларусістыка" і "Культурная спадчына і турызм".

Пералік дакумэнтаў, неабходных для паступленьня ў магістратуру:

  1. анкета па усталяванай форме;
  2. копія дыплём аб вышэйшай адукацыі (дыплём бакаляўра/адмыслоўца або роўнага да іх дыплём);
  3. копія дадатку да дыплёму аб вышэйшай адукацыі;
  4. адну-дзьве рэкамэндацыі па усталяванай форме ад асобаў/арганізацый, здольных ацаніць навуковую/прафэсійную кампэтэнтнасьць спаборніка.
    У рэкамэндацыі пажадана зьвярнуць увагу на наступныя аспэкты: кампэтэнтнасьць спаборніка, досьлед яго практычнай і навуковай працы, здольнасьць ажыцьцявіць заяўленыя дасьледчыя мэты, асабовыя якасьці.
  5. сьпіс навуковых публікацый (пры іх наяўнасьці);
  6. эсэ/дасьледчы праект па абраным навуковым напрамку (аб'ёмам 4-5 старонак друкаванага тэксту на рускай або беларускай мове).
    У эсэ/ дасьледчым праекце неабходна адбіць наступнае: мэта, задачы і мэтад дасьледаваньня; асноўныя праблемы дасьледаваньня; кароткі агляд літаратуры; навуковую і практычную значнасьць меркаванага дасьледаваньня.
  7. копіі іншых дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць узровень прафэсійнай і навуковай кампэтэнцыі спаборніка (сэртыфікатаў і г.д..).

Прыём дакумэнтаў у электронным (сканаваным) выглядзе зьдзяйсьняецца да 20 ліпеня 2006 года па адрасе: admission.m.heritage@ehu-international.org.

Апавяшчэньне аб выніках разгляду заявак і запрашэньне спаборнікаў на уступныя выпрабаваньні высылаюцца на пазначаны ў заяўцы адрас электроннай пошты не пазьней 1 жніўня 2006 года.

Уступныя выпрабаваньні праводзяцца ў выглядзе гутаркі па прапанаванай праграме. На гутарцы ацэньваюцца прафэсійная кампэтэнтнасьць спаборніка, здольнасьць да самастойнай навуковай працы, матывацыя, ступень валоданьня замежнай мовай.

Уступныя выпрабаваньні праводзяцца ў г. Вільнюсе ў пэрыяд з 15 па 25 верасьня 2006 года.

Залічэньне спаборнікаў на магістэрскую праграму "Ахова і інтэрпрэтацыя культурнай спадчыны" праводзіцца ў пэрыяд з 27 па 30 верасьня 2006 года.

Тэрмін апавяшчэньня аб залічэньні на магістэрскія праграмы - не пазьней 30 верасьня 2006 года.

Пачатак навучальнага года – 1 кастрычніка 2006 года.

За дадатковай інфармацыяй зьвяртацца ў прыёмную камісію ЕГУ па адрасе: admission.m@ehu-international.org.

Агульная інфармацыя аб умовах прыёму на бакаляўрскія і магістэрскія праграмы, дакумэнтах, якія прадстаўляюцца і напрамках падрыхтоўкі разьмешчаныя на сайце Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэта па адрасе: www.ehu.lt.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0738 seconds.