У БДУ завершылася ўступная кампанія на дзённае бюджэтнае аддзяленьне

У буйнейшым беларускім унівэрсытэце сёлета зьменшылася колькасьць пададзеных заяваў ад абітурыентаў, зьменшыўся прахадны бал, узьніклі нават недаборы на некаторых спэцыяльнасьцях, але павялічылася колькасьць паступіўшых з рэгіёнаў.

1902 чалавека залічаныя студэнтамі ў БДУ на дзённую форму навучаньня, што на 104 меней, чым у мінулым годзе. Усяго выказалі жаданьне атрымаць студэнцкі білет БДУ 4595 чалавек у параўнаньні з 7909 у 2005. 

Як паведамляе прэс-служба БДУ, без іспытаў залічана 7% абітурыентаў - 130 чалавек (152 у мінулым годзе), гэта пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядаў. Мэтавы прыём забясьпечыў навучаньне 16 абітурыентам. Сёлета першакурснікамі ў БДУ сталі 220 чалавек з сельскіх раёнаў, што складае ўсяго 11,5% ад агульнай колькасьці (439 пададзеных заяваў). Сярод паступіўшых з рэгіёнаў - 62%, а менчукі склалі 36,8% альбо 705 чалавек. З краінаў СНД у БДУ паступіла 19 чалавек, што ў два разы больш у параўнаньні з 2005 годам (9 чалавек).

Нечаканым, але ж лягічным стала зьніжэньне конкурсу ў галоўным унівэрсытэце краіны. У гэтым годзе ён склаў у сярэднім 2,5 чалавека на месца. Для параўнаньня: 3,94 у 2005 годзе і 4,21 у 2004 годзе.

Самы высокі конкурс быў на спэцыяльнасьць "Дызайн" - 19,6 (накірунак камунікатыўны дызайн). Стабільна высокім застаецца конкурс на такія спэцыяльнасьці, як "Правазнаўства" (3,7), "Паліталёгія" (9,3), "Міжнароднае права" (7,2), "Міжнародныя адносіны" (6,8), "Сусьветная эканоміка" (4,2), "Мытная справа" (3,6). Сярод факультэтаў прыродазнаўчых навукаў самы высокі конкурс - 2,7 на месца - назіраўся на біялагічным факультэце і 2 чалавека на месца на геаграфічным.

На некатрых спэцыяльнасьцях не ўдалося пазьбегнуць недабора. Так, на 2 спэцыяльнасьці "Фізыка" і "Фізічная электроніка" ён склаў 28 чалавек.

Сярод спэцыяльнасьцяў, дзе для паступленьня патрабавалася 3 сэртыфікаты, самы высокі прахадны бал - 3,57 быў зафіксаваны на "Сусьветнай эканоміцы",  там жа быў самы высокі сярэдні бал атэстатаў абітурыентаў - 9,4.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0667 seconds.