Студэнтаў пятых курсаў запрашаюць у магістратуру ЭГУ

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт прапануе студэнтам беларускіх ВНУ, што перайшлі на 5-ы курс дзённай альбо 6-ы курс завочнай формы адукацыі, паралельна распачаць навучаньне ў магістратуры ЭГУ па праграме нефармальнага навучаньня.

Атрымаўшы беларускі дыплём аб вышэйшай адукацыі, слухачы магістратуры па праграме нефармальнага навучаньня будуць пераведзеныя ў статус паўнавартасных студэнтаў і залічаныя на 2-і курс магістэрскіх праграмаў. Такім чынам, пры пасьпяховым выкананьні навучальнага пляну магістратуры, удзельнікі гэтай праграмы атрымаюць ступень магістра ў адпаведнай галіне ведаў ужо праз год пасьля атрыманьня дыплёма спэцыяліста ў беларускім ВНУ.

Дыплём магістра ЭГУ, які наладжвае навучальны працэс у адпаведнасьці з прынцыпамі агульнаэўрапейскай балёнскай сыстэмы вышэйшай адукацыі, адкрые яго ўладальнікам доступ да доктарскіх праграмаў любога замежнага ўнівэрсытэта, а таксама на міжнародны рынак працы. Балёнская сыстэма прадугледжвае трохступенную сыстэму адукацыі: 3 гады навучаньня ў бакаляўрыяце (у некаторых эўрапейскіх краінах - 4 гады), 2 гады магістратуры і 3 гады дактарантуры з наступнай абаронай дысэртацыі. Паколькі Беларусь не далучылася да Балёнскага працэсу, выпускнікі беларускіх ВНУ маюць магчымасьць паступаць на магістэрскія праграмы толькі пасьля 5 год навучаньня ў ВНУ і атрыманьня дыплёма спэцыяліста. Мадэль, якую прапануе ЭГУ, заклікае вярнуць беларускім студэнтам магчымасьці, якіх яны былі пазбаўленыя з-за ізаляцыйнай палітыкі Беларусі ў галіне вышэйшай адукацыі.

Прыём дакумэнтаў на нефармальнае навучаньне на праграмах магістэрскага ўзроўню праводзіцца па 10 верасьня 2006 года.

Нагадваем, што ў ЭГУ працягваецца прыёмная кампанія '2006. Скрайні тэрмін падачы дакумэнтаў на дзённае і завочнае навучаньне на праграмах бакаляўрскага ўзроўню - 30 жніўня, на праграмах магістэрскага ўзроўню - 25 жніўня.

Падрабязьней аб праграмах ЭГУ на сайце ўнівэрсытэта. 

14:00, 10/08/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.