Рэформа адукацыі ва Украіне: законапраект прапануе пашырыць правы студэнцкага самакіраваньня і ўвесьці прымусовае разьмеркаваньне выпускнікоў на 3 гады

Казіно на вуліцы Унівэрсытэцкая. Чарнаўцы, Украіна.Студэнцкія арганізацыі Украіны зьвярнуліся да прэзыдэнта Віктара Юшчанка з просьбаю абараніць законныя правы ўкраінскіх студэнтаў, скарыстаўшыся сваім правам не падпісваць Закон "Аб вышэйшай адукацыі", які 22 верасьня прыняла Вярхоўная Рада Украіны. У законе гаворыцца ў тым ліку аб увядзеньні разьмеркаваньня выпускнікоў на 3 гады. А гэта, на думку, украінскіх студэнтаў, пярэчыць Канстытуцыі Украіны. Таксама законапраект прадугледжвае і пэўныя станоўчыя зьмены ў сфэры студэнцкага самакіраваньня.

Адкрыты ліст кіраўніку дзяржавы адносна “Закона аб унясеньні зьменаў у Закон Украіны "Аб вышэйшай адукацыі" накіравалі старшыня “Студэнцкага брацтва Украіны” (СБУ) Олэг Яцэнко, в.а. прэзыдэнта “Украінскай асацыяцыі студэнцкага самакіраваньня” (УАСС) Аляксей Кляшторны, старшыня “Украінскага студэнцкага зьвязу” (УСС) Сяргей Малёванец.

Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, якія прадстаўляюць інтарэсы студэнцтва, лічаць, што гэты закон у асобных месцах пярэчыць Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам Украіны і, ў выпадку яго прыняцьця, будзе парушаць правы й свабоды студэнтаў, якія навучаюцца ў ВНУ. Гэтым законам прадугледжваецца дапоўніць арт. 56 Закона Украіны "Аб вышэйшай адукацыі" наступным чынам:

"Выпускнік ВНУ, які навучаўся за сродкі дзяржаўнага бюджэту, у выпадку адмовы адпрацаваць тры гады па разьмеркаваньні абавязаны кампэнсаваць дзяржаве затраты на навучаньне з улікам індэксацыі ўзроўню інфляцыі".

Разам з тым, адзначаюць прадстаўнікі ўкраінскага студэнцтва, артыкул 53 Канстытуцыі Украіны гарантуе грамадзянам права атрымаць на конкурснай аснове вышэйшую адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах бясплатна, то бок без укладаньня сродкаў у любой форме за прапанаваныя адукацыйныя паслугі. Такім чынам, прынятыя Вярхоўнай Радай зьмены ў Закон "Аб вышэйшай адукацыі" наўпрост пярэчаць Канстытуцыі Украіны.

У зьвязку з гэтым студэнты просяць Прэзыдэнта вярнуць Закон на дапрацоўку з мэтай прывядзеньня ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй Украіны  і міжнароднымі абавязальніцтвамі Украіны.

Між тым, наагул праект закону “Аб унясеньні зьменаў у Закон Украіны "Аб вышэйшай адукацыі" тычыцца ў тым ліку студэнцкага самакіраваньня. Сярод зьменаў, якія прапануюцца ў праекце закона, ёсьць шэраг станоўчых зрухаў. Слова “студэнты” зьмененае на “асобы, якія навучаюцца”. Гэта, у сваю чаргу, надае магчымасьць таксама і асьпірантам удзельнічаць у студэнцкім самакіраваньні. Таксама пазначаецца, што “ворганы студэнцкага самакіраваньня фармуюцца асобамі, якія навучаюцца”. Раней наагул не пазначалася, кім фармуюцца ворганы самакіраваньня.

Са словаў каардынатара Суполкі ініцыятыўна моладзі Украіны Артэма Міхайлюка, які аналізаваў дадзены законапраект, у прапановах Вярхоўнай рады адносна студэнцкага самакіраваньня ёсьць як станоўчыя бакі, так і застаецца шмат заганаў. Так, законапраект прадугледжвае абавязальніцтва кіраўніцтва ВНУ стварыць адпаведныя ўмовы для забесьпячэньня студэнцкага самакіраваньня. Гэта пакуль толькі дэкляратыўны пункт. Але далей у дакумэнце ідзе:

На ўсіх узроўнях студэнцкае самакіраваньне ёсьць выбарным і фармуецца шляхам таемнага галасаваньня студэнтаў тэрмінам на адзін год”.

На думку Артэма Міхайлюка, гэта ёсьць першым крокам у бок дэмакратызацыі студэнцкага самакіраваньня ва Украіне. Але пакуль застаецца пункт – “рашэньні ворганаў студэнцкага самакіраваньня маюць дарадчы характар”, а гэта пярэчыць асноўнаму самому прынцыпу існаваньня самакіраваньня. І яшчэ адна асаблівасьць у законапраекце – гэта магчымасьць ворганам студэнцкага самакіраваньня быць юрыдычнай асобай. Пакуль згодна з Грамадзянскім кодэксам Украіны гэтая працэдура амаль нерэальная, але сам факт існаваньня такога пункту ў законапраекце “Аб унясеньні зьменаў у Закон Украіны "Аб вышэйшай адукацыі" можна лічыць станоўчым і патрабуючым удасканаленьня.

Таксама варта зазначыць, што на разглядзе у Вярхоўнай Радзе Украіны знаходзіцца яшчэ адзін законапраект “Пра ўнясеньне зьменаў да Закону Украіны датычна самакіраваньня студэнтаў і асьпірантаў і іхняга ўдзелу ў справах вышэйшых навучальных установаў”. Гэты законапраект быў распрацаваны Украінскай асацыяцыяй студэнцкага самакіраваньня (УАСС). Афіцыйнымі суаўтарамі законапраекту зьяўляюцца прадстаўнікі адзінаццаці дэпутацкіх фракцыяў і групаў, у тым ліку сучасны прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка.

Працэс рэфармаваньня вышэйшай адукацыі Украіны пачаўся са зьменай кіраўніцтва дзяржавы. Але абарона правоў студэнтаў – гэта ніша саміх студэнтаў і студэнцкіх аб’яднаньняў. Пакуль законапраект “Аб унясеньні зьменаў у Закон Украіны "Аб вышэйшай адукацыі" застаецца супярэчлівым з-за шэрагу новаўвядзеньняў кшталту недэмакратычнага прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ і дэкляратыўнасьці некаторых пунктаў у законе, якія варта прапісаць больш дакладна. Але станоўчым фактам ёсьць пачатак працэсу дэмакратызацыі студэнцкага самакіраваньня і далучэньне да норматворчасьці студэнцкіх арганізацыяў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0951 seconds.