ЭГУ абвесьціў прыём абітурыентаў на 2006-2007 навучальны год

ehu-internationalЭўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (Вільня, Літва) устанавіў новыя правілы прыёму ў унівэрсытэт і абвесьціў аб пачатку набору студэнтаў на дзённае і завочнае аддзяленьні праграмаў бакаляўрскай падрыхтоўкі на 2006-2007 навучальны год.  

Першы этап конкурснага адбору абітурыентаў праводзіцца на аснове дасланых па электроннай пошце анкеты, матывацыйнага эсэ, вынікаў тэставаньня па замежнай мове (абавязковыя дакумэнты для абітурыентаў усіх праграмаў), а таксама вынікаў цэнтралізаванага тэставаньня па беларускай альбо расейскай мовах, гісторыі Беларусі і профільнага эсэ (патрабуецца ў некаторых праграмах). Дакумэнты ў электронным фармаце прымаюцца да 28 чэрвеня 2006 года. Другі тур адборачнага конкурсу будзе праходзіць у Вільні 4-9 верасьня 2006 года.

Абітурыенты 2006 года могуць паступіць у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт на наступныя праграмы бакаляўрскай падрыхтоўкі:

  • Паліталёгія. Эўрапейскія дасьледаваньні;
  • Мэдыя і камунікацыя (са спэцыялізацыямі “Візуальныя й культурныя дасьледаваньні” і “Масавыя камунікацыі і журналістыка”);
  • Візуальны дызайн і мэдыя;
  • Палітычная і сацыяльная філязофія;
  • Беларусістыка (са спэцыялізацыямі “Гісторыя і культура Беларусі”, “Міжкультурная камунікацыя”* і “Ахова і выкарыстаньне культурнай спадчыны”**);
  • Міжнароднае права.

* Студэнты дадзенай спэцыялізацыі маюць магчымасьць паралельна атрымаць другі дыплём па праграме “Тэорыя і практыкі сучаснага мастацтва”.

** Студэнты дадзенай спэцыялізацыі маюць магчымасьць паралельна атрымаць другі дыплём па праграме “Культурная спадчына і турызм”.

У навучальным працэсе ўдзельнічаюць выкладчыкі з Беларусі, Літвы, краінаў Эўразьвяза й ЗША. Заняткі вядуцца на беларускай, расейскай і іншых эўрапейскіх мовах. Студэнты вывучаюць дзьве эўрапейскія мовы як мовы прафэсійных зносінаў і літоўскую мову.

Студэнтам ЭГУ прадстаўляюць месца ў інтэрнаце. Як і ўсе студэнты літоўскіх ВНУ, яны атрымоўваюць студэнцкі білет і маюць права ільготнага праезду ў грамадзкім транспарце ў межах Літвы, карыстаюцца іншымі студэнцкімі ільготамі. Афіцыйны статус студэнта, сярод астатняга, дае магчымасьць афармленьня віду на жыхарства ў Літоўскай Рэспубліцы, працаўладкаваньня ў рэжыме частковай занятасьці й атрыманьня адтэрміноўкі ад службы ў узброеных сілах Рэспублікі Беларусь.

Тэрмін навучаньня ў бакаляўрыяце ЭГУ – 4 гады. Навучаньне для беларускіх студэнтаў па-ранейшаму застаецца бясплатным у межах пляна прыёму. Пасьля пасьпяховага сканчэньня навучаньня ў ЭГУ студэнты атрымоўваюць літоўскія дыплёмы, якія прызнаюцца ўсімі краінамі Эўразьвяза.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт аднавіў сваю дзейнасьць у Літве і распачаў рэалізацыю дзённых і завочных праграмаў бакаляўрскай і магістарскай падрыхтоўкі для студэнтаў з Беларусі ўвосень 2005 года дзякуючы палітычнай, арганізацыйнай і фінансавай падтрымкі Літоўскага Урада, Эўрапейскай камісіі, урадаў і грамадзкіх арганізацыяў і фондаў ЗША і краінаў Эўрапейскага Зьвязу. 15 лютага 2006 года Урад Літоўскай Рэспублікі абвесьціў аб наданьні ЭГУ статуса літоўскага ўнівэрсытэта.

З правіламі прыёму і падрабязнай інфармацыяй для абітурыентаў можна пазнаёміцца на вэб-сайце Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта.

Загрузіць правілы прыёма 2006 г. у фармаце ZIP-архіва можна тут.

Інфармацыя аб прыёме на магістарскія праграмы будзе разьмешчана на сайце бліжэйшым часам.

//Паводле прэс-рэлізу ЭГУ 

16:18, 03/03/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0684 seconds.