Прафэсіі будучыні: TOP 44

На кніжных паліцах Беларусі зьявіўся даведнік “ТОП-44: ПРАФЕСІІ БУДУЧЫНІ”. Унікальная кніга для абітурыентаў, студэнтаў, а таксама для тых, хто падумвае пра другую адукацыю, расказвае пра незвычайныя для Беларусі прафэсіі. Пад вокладкай “ТОП-44” сабраныя артыкулы пра прамоўшн моды, прыгодніцкі турызм, футуралогію, транспартны дызайн, 3D-анімацыю, эрганоміку і г.д.  

Даведнік “ТОП-44: ПРАФЕСІІ БУДУЧЫНІ” распавядае, што сабой уяўляюць новыя для нашай краіны сфэры дзейнасьці, як і дзе можна атрымаць спэцыяльнасьці, якія ўжо ў бліжэйшыя некалькі год будуць прыносіць ня толькі задавальненьне, але і нядрэнны заробак. 

Па словах складальнікаў, “ТОП-44” – унікальная кніга пра новыя сфэры дзейнасьці. Адэліна Зяньковіч, адзін з аўтараў праекту, кажа, што “ў даведніку можна прачытаць пра альтэрнатыўную энэргетыку, інавацыйны мэнэджмэнт, крэатыўнае пісьмо, спартыўную інжынэрыю і яшчэ шмат чаго цікавага. На жаль, такім прафэсіям у Беларусі пакуль ня вучаць. Але і наш рынак ужо адчувае недахоп гэтых спэцыялістаў”.

Людзі, пра дзейнасць якіх распавядае “ТОП-44”, рэальна запатрабаваныя на сусьветным рынку працы: большасьць зь іх займае верхнія радкі profession-рэйтынгаў паводле двух асноўных крытэраў - пэрспэктыўнасьці і заробку.

Даведнік “Прафэсіі будучыні” ня мае аналягаў у Эўропе. “Трэба прызнаць, агляд сфэраў дзейнасьці, якія будуць актуальныя ў бліжэйшыя 5-10 год, – не адкрыцьцё. Такія рэйтынгі рыхтуюць у шмат якіх краінах Еўропы і Амэрыкі, – кажа спн.Зяньковіч. - Але адмыслова для краіны, з улікам патрабаванняў канкрэтнага рынку і інтарэсаў моладзі, кар’ерныя пэрспэктывы ніхто асабліва не пралічваў”.

Падчас працы над даведнікам аўтары зрабілі маніторынг айчыннага рынку працы, адукацыі і  супаставілі вынікі з сусьветнымі рэйтынгамі “прафэсій будучыні”. Запатрабаванасьць і пэрспэктыўнасць гэтых прафэсій на беларускім рынку ацэньвалі спэцыялісты кансалтынгавых агенцый і экспэрты-практыкі – супрацоўнікі кампаніі “Атлант-Тэлеком”, партала TUT.BY, рэкламнай агенцыі “Крынь”, МАХ “Атлант-М” і інш.

Як сцьвярджаюць складальнікі, спэцыялісты па прафэсіях, апісаных у даведніку, ня маюць праблемаў з працаўладкаваньнем за мяжой. “Але галоўная мэта стварэньня кнігі “ТОП-44” - дапамагчы запоўніць прабелы, якія існуюць у прафэсійнай сферы нашай краіны, - кажа Адэліна Зяньковіч. – Глупства - падчас выбару будучай спэцыяльнасьці абмяжоўваць сябе стандартным і занадта агульным наборам “фізік / лірык / бухгалтар”. Мы прапануем нашым чытачам пашырыць свой кругагляд, бо ў сёньняшнім сьвеце можна атрымаць вышэйшую адукацыю па самых фантастычных спэцыяльнасьцях. Магчыма нават па тых, пра якія вы і не марылі!” 

Кнігу “ТОП-44: ПРАФЕСІІ БУДУЧЫНІ” можна знайсьці ў кнігарнях і на кніжных кірмашах Менску.

12:00, 18/04/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0683 seconds.