4 траўня адбудзецца "Дударскі фэст"

4 траўня ў клюбе "Рэактар" адбудзецца "Дударскі фэст" (фэст валынкі). У праграме выступ лепшых і новых беларускіх дудароў: Тодара Кашкурэвіча, гуртоў "Стары Ольса", "Літвін троль", "Келіх кола", "Вайдэлот", "Ліцьвінскі хмель" іншыя. У праграме таксама сярэднявечныя танцы і конкурсы. Пачатак 18:00. Кошт 8000 (танцпляц), 12000 (столік+кампакт-дыск ў падарунак).

Фестываль падзелены на тры часткі: Нэа-фольк, Беларуская Традыцыя і Медыеваль. Адпаведна гэтаму падзелены і ўдзельнікі, якія прадставяць слухачам тры розныя погляды на дударскую музыку. Пры ўсіх магчымых трактоўках, прыярытэтным з'яўляецца для фестываля дударская музычная традыцыя Беларусі і краін Балтыі.

У Беларусі імкліва набірае вагу рух па адраджэньню аднаго з самых старажытных і містычных беларускіх інструмэнтаў - дуды (валынкі). Цікавасьць да дуды кола майстроў і музыкаў ініцыявала правядзеньне ў 1992 і 1993 гадах І і ІІ міжнародных "Балцкіх дударскіх фэстаў". Канцэрты і мерапрыемствы дударскіх фэстаў выклікалі рэзананс сярод шырокага кола этнографаў, фалькларыстаў, гісторыкаў і шматлікіх аматараў. Ініцыятарамі і арганізатарамі І і ІІ дударскіх фэстаў былі Цэнтр этнакасмалёгіі "Крыўя", фірма "Ваўкалака" і Фонд развіцьця традыцыйнай этнічнай культуры.

Прайшло 13 гадоў пасля апошняга дударскага фэста. За гэты час вырасла новая генэрацыя майстроў і музыкантаў. Стыхійна ў парках Мінска адбываюцца сустрэчы дудароў (валыншчыкаў), дзе гучаць адначасова 4-5 беларускіх дудаў і праходзяць імправізаваныя конкурсы-спаборніцтвы.

Прыйшоў час адрадзіць дударскія фэсты - штогод ладзіць вялікую сустрэчу музыкаў і аматараў дуды. Абмен вопытам музыкантаў, спатканьні майстроў і дасьледчыкаў фальклёра, дэманстрацыя інструмэнтаў і манераў граньня, нязмушаная атмасфэра клюба і магчымасьць параўнаць інструменты розных краінаў - усё гэта дазволіць аднавіць ідэі дударскіх фэстаў. Удзел у фэсце дудаў розных краін дазволіць асэнсаваць месца традыцыйнай беларускай дударскай культуры, адметнасць беларускай дударскай традыцыі ў агульнаэўрапейскім кантэксьце і балтыйскім культурным рэгіёне.

Паводле прэс-рэлізу

14:10, 25/04/2006 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0648 seconds.