Нямеччына падтрымлівае беларускіх студэнтаў

Нямеччына плянуе выдзяліць рэпрэсаваным беларускім студэнтам ля 20 месцаў для навучаньня. Нямецка-беларускім таварыствам (Deutsch-Belarussische Gesellschaft), сеткай арганізацыяў з цэнтральнай і усходняй Эўропы “Initiative Mittel und Osteuropa” der Robert Bosch Stiftung і Copernicus e.V. у падтрымку беларускіх студэнтаў створана ініцыятыва “Aktion Pro Belarus”.

Мэта ініцыятывы “Aktion Pro Belarus” ня толькі прапанаваць рэпрэсаваным беларускім студэнтам магчымасьць працягнуць сваё навучаньне ў Нямеччыне, але і паспрыяць знаёмству зь дзейнасьцю недзяржаўных нямецкіх грамадзкіх арганізацыяў, што, на думку арганізатараў, можа дапамагчы ўзмацненьню грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычным пераменам у Беларусі.

Плянуецца, што праграма пачнецца з зімовага сэмэстра 2006. Для беларускіх студэнтаў будзе прапанавана каля 20 месцаў у навучальных установах Нямеччыны. Акрамя таго разглядаецца пытаньне арганізацыі моўных курсаў і практыкі перад пачаткам навучаньня. На дадзены момант праграма яшчэ дапрацоўваецца. Але стваральнікі ініцыятывы “Aktion Pro Belarus” падкрэсьліваюць, што для студэнтаў, якія будуць вымушаны давучыцца ў Нямеччыне будуць створаны найлепшыя ўмовы для інтэграцыі, каб яны як мага канструктыўней маглі выкарыстаць свой час навучаньня ў Нямеччыне.

За ўдзел ў мірных акцыях 19-25 сакавіка шматлікія студэнты адчулі на сябе санкцыі з боку ўнівэрсытэтаў. Афіцыйна было заяўлена, што студэнты ня будуць выключаныя па палітычных матывах. Але для іх знаходзяць іншыя меры пакараньня. Акрамя тлумачальных лістоў, размоваў з адміністрацыяй ВНУ, студэнтаў прыцягваюць да сустрэчаў з супрацоўнікам спэцслужбаў і публічнага пакаяньня. Былі выпадкі, калі студэнтам адкрыта паведамлялі пра магчымыя праблемы на сэсіі. Польшча, Чэхія, Літва і Эстонія ўжо заявілі аб гатоўнасьці дапамагчы рэпрэсаваным беларускім студэнтам.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.074 seconds.