Вызначаны склад журы адборачнага канцэрту “Басовішча-2006”

Да 28 траўня працягваецца збор заявак ад гуртоў на ўдзел у конкурснай праграме “Басовішча-2006”. Сёньня скончваецца дэдлайн на конкурс лягатыпаў фэсту. Ужо вызначаны склад журы для адборачнага канцэрту. Сёлетняе журы больш шырокае і прадстаўнічае, чым у папярэдніх гадах.

У склад журы ўваходзяць музыкі Ігар Варашкевіч і Аляксандар Кульлінковіч, аўтар тэкстаў Міхал Анемпадыстаў, прадусар “Крамбамбулі” Ганна Вольская, музыка і галоўны прадусар партнёра MTV у Беларусі Валік Грышко, музычныя журналісты Зьміцер Падбярэскі і Тацьцяна Заміроўская, кіраўнік BMAgroup Віталь Супрановіч, а таксама па прадстаўніку ад БАС, «Тузіна Гітоў» і Studenty.by. Дванаццатым “сябрам журы” будуць вынікі інтэрнэт-галасаваньня на “Тузіне гітоў”. 

Арганізатары “Басовішча-2006” зь беларускага боку зараз займаюцца перамовамі з памяшканьнем для адборачнага канцэрту. Аргкамітэт мае задумку правесьці адборачны канцэрт пад адкрытым небам – як рэпэтыцыю непасрэдна да фэстывалю ў Гарадку. Дата адборачнага канцэрту будзе абвешчана цягам бліжэйшых дзён. Вядома, што ён адбудзецца не пазьней за 11 чэрвеня.  На канцэрце журы адбярэ ля 10 камандаў, якія і паедуць на "Басовішча". Пераможца інтэрнэт-галасаваньня таксама трапляе на сам фэстываль у Гарадок.

БАСаўцы ўдакладняюць, што “Басовішча – гэта фэстываль музыкі маладой Беларусі”. Фармат можна вызначыць словазлучэньнем “альтэрнатыўная музыка”. Таму на сёлетнім фэсьце чакаецца рок, фольк, блюз і нават рэггі – усё, што вызначае музыку маладой Беларусі.

Нагадаем, заяўка ад гурта на ўдзел у конкурснай праграме "Басовішча" мусіць уключаць запіс адной (ці болей) песень па-беларуску на CD-носьбіце. Да таго ж абавязковымі ўмовамі зьяўляюцца наяўнасьць 20-хвіліннай музычнай праграмы на беларускай мове, а таксама ўдзельнікі гуртоў на момант правядзеньня адборачнага канцэрту мусяць мець у пашпартох штампікі з дазволам на выезд за мяжу.

Адрэсу, на якую патрэбна дасылаць дэма-запісы, можна даведацца, патэлефанаваўшы па нумарох (+029) 6530595 (Воля), (+029) 6855239 (Сяржук) ці (+029) 2646974. Альбо ў Менску кружэлкі з запісамі можна перадаць, скантактаваўшыся папярэдне праз тыя ж нумары.

 

Чытаць усе навіны пра "Басовішча-2006" >> 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0747 seconds.