У магілёўскім унівэрсытэце ўведзеныя платныя "адпрацоўкі заняткаў"

12 тысячаў рублёў за акадэмічную гадзіну, а з улікам таго, што пара ў МДУ складаецца з двух гадзінаў і паміж імі няма перапынку, то адзін пропуск выходзіць у 24 тысячы рублёў. Адміністрацыя МДУ імя А.А. Куляшова дзейнічае па загаду, які быў прыняты 26 красавіка 2006 года рэктарам унівэрсытэта Канстанцінам Мікалаевічам Бандарэнкам. Студэнты не задаволеныя і спрабуюць бараніць свае правы.

Гэты загад ўступіў у сілу з моманту падпісання, чым зьдзівіў ня толькі студэнтаў, але і выкладчыкаў. Зь нефармальных размоваў з выкладчыкамі стала вядома, што заробак значна не павялічыцца – большую частку грошай забярэ ўнівэрсытэт.

12 тысячаў рублёў – менавіта ў столькі ацэньвае акадэмічную гадзіну адміністрацыя ўнівэрсытэта. Цікава, што перапынку “унутры” пары няма, гэта значыць, што спазьніўшыся на першую гадзіну, студэнт аўтаматычна спазьняецца і на астатнюю частку пары (большасьць выкладчыкаў не дазваляе ўваходзіць у аўдыторыю пасьля 15 хвілінаў ад пачатку лекцыі), і ў сваю чаргу павінен аплаціць 24 тысячы ва ўнівэрсытэцкую касу.

Вельмі цікавыя падлікі студэнтаў. Атрымоўваецца, што лічба ў 24 тысячы – гэта афіцыйны кошт адной “пары” для кожнага студэнта, ня гледзячы прагуляў ён ці не (натуральна: калі не прагуляў – не плаціш, за цябе, атрымліваецца, плаціць дзяржава зь бюджэту). Тады, напрыклад, лекцыя з слухачамі ў 100 чалавек (сярэдні памер аднаго курса МДУ), каштуе крыху меней за 1200 амэрыканскіх даляраў, з якіх выкладчыку ідзе толькі, у лепшым разе, 10-15 даляраў (улічваецца стаж, вучоная ступень, пасада). Кулюарна гэта тлумачыцца патрэбамі ўнівэрсытэта у сродках і барацьбой з прагуламі. Атрымоўваецца: аднім стрэлам двух зайцоў.

Прыкладна тры гаты таму дзейнічала такая ж сыстэма, але яна праіснавала толькі адзін сэмэстар і была адмененая з-за “парушэньня правоў студэнтаў”. Такім чынам, прыняцьцем “адкупной” сыстэмы, відавочна, што нешта зьмянілася: ці адміністрацыя ня лічыць сваіх студэнтаў за студэнтаў, ці наагул канстатуе адсутнасць правоў людзей, наяўнасць у ВНУ якіх, зьяўляецца чыньнікам існаваньня самога ўнівэрсытэта.

Рэакцыяй студэнтаў стаў зварот да ўнівэрсытэцкага прафсаюзу, але як было заяўлена ў адказе прадстаўніка прафсаюзу, “прафсаюз ня можа паўплываць на такія рашэньні адміністрацыі”, што само па сабе зьяўляецца абсурдным. Разгортваецца кампанія па выхаду з прафсаюзу, які ня можа бараніць правоў сваіх сябраў, якія плацяць гэтаму прафсаюзу грошы - сяброўскія ўнёскі - і зьяўляюцца чыньнікам існаваньня прафсаюза.

Студэнцва не задаволена: "А што рабіць, гуляць будзем меней ці больш старасьце піва насіць", - жартуюць студэнты. Дарэчы, стараста ў гэтай сытуацыі становіцца асобай матэрыяльна адказнай, што ня вельмі добра адбіваецца на стасунках яго з групай ці адміністрацыяй.

"Але гэта проста грабёж і студэнтаў і бацькоў", – сказаў у сваёй прамове адзін з выкладчыкаў. А гэта менавіта так і выглядае. Пры сярэдняй стыпэндыіі 72–85 тысячаў рублёў аплата кладзецца на плечы бацькоў. 

goodliving 16:00, 12/05/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0689 seconds.