У БДЭУ ўвялі платныя пераздачы і адпрацоўкі заняткаў

«Уводзяцца платныя пераздачы студэнтамі іспытаў і залікаў, курсавых прац, а таксама адпрацоўкі сэмінарскіх заняткаў», — такія чуткі хадзілі сярод студэндаў БДЭУ у першыя дні новага навучальнага году. Аднак цяпер гэта ўжо ня чуткі, а зацьверджаныя ў загадзе рэктара правілы.

Цяпер платнымі лічацца такія паслугі як пераздача іспыту і заліку па дысцыпліне; паўторная абарона курсавой працы; пераздача заліку па кантрольнай працы для завочнікаў; пераздача заліку па практыцы; пераздача дзяржаўнага іспыту па спэцыяльнасьці; паўторная абарона дыплёмнай працы і магістарскай дысэртацыі; правядзеньне заняткаў, прадугледжаных вучэбнай праграмай, якія былі прапушчаныя студэнтам без паважаных абставінаў і інш.

Студэнтаў найбольш хвалюе апошняе, то бок адпрацоўка прапушчаных сэмінарскіх заняткаў. Гэта зьвязана з тым, што ў БДЭУ ўведзена рэйтынгавая сыстэма: адзнака за працу на сэмінарах уплывае на канчатковую экзамэнацыйную адзнаку. А пропуск без паважных прычынаў прыроўніваецца да адзнакі «нуль» за гэты занятак.

Што тычыцца кошту гэтых платных паслуг, у Загадзе № 560-А агульна напісана:

«Кошт платных паслугаў разьлічваецца плянава-фінансавым аддзелам у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам».

Пра тое, куды пойдуць сабраныя ў студэнтаў грошы, пазначана:

«Сродкі, якія ўносяць студэнты за аказаньне платных паслугаў, залічваюцца ў даход унівэрсытэта і скарыстоўваюцца на ўсталяваньне надбавак да зароботнай платы, стымуляваньне супрацоўнікаў, разьвіцьцё матэрыяльнай базы ўнівэрсытэта».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0804 seconds.